| Intro | академик АН БССР, Заслуженный деятель науки БССР, доктор сельскохозяйственных наук, профессор |
| Was | Scientist |
| From | Russia |
| Type | Science |
| Gender | male |
| Birth | 16 June 1895, Mogilev Governorate, Russian Empire |
| Death |
28 December 1985, Minsk, Belarus (aged 90 years) |
| Star sign | Gemini |
Павел Пракопавіч Рагаво́й (16 чэрвеня 1895—28 снежня 1985) — вучоны ў галіне глебазнаўства, доктар сельскагаспадарчых навук (1943), прафесар (1943), акадэмік Акадэміі навук БССР (1953), заслужаны дзеяч навукі БССР (1949). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).
Біяграфія
П. П. Рагавой нарадзіўся ў вёсцы Навілаўка Магілёўскай губерні (зараз у Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі). Скончыў пачатковую школу і гарадское вучылішча, у 1915 годзе — настаўніцкую семінарыю. У час Першай сусветнай вайны быў прызваны ў армію і праходзіў службу ў Сібіры і Туркестане. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Рыскава Рагачоўскага павета Гомельскай губерні (сучасная вёска Рыскоў у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці). У 1918 годзе паступіў на сельскагаспадарчы факультэт Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, якую скончыў у 1923 годзе. З 1923 года П. П. Рагавой на пасадзе асістэнта кафедры глебазнаўства Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі ў Мінску, з 1925 года Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, адначасова вучоны сакратар камісіі глебава-геалагічнай камісіі ў Інстытуце беларускай культуры. У 1930—1941 гг. на пасадзе загадчыка кафедры глебазнаўства і геалогіі Гомельскага лесатэхнічнага інстытута, адначасова выкладае ў Інстытуце механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і ўзначальвае працы па глебазнаўстве ў Навукова-даследчым інстытуце лясной гаспадаркі. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны лесатэхнічны інстытут быў эвакуіраваны ў Свярдлоўск, дзе П. П. Рагавой узначаліў кафедру глебазнаўства Уральскага лесатэхнічнага інстытута і абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Строение и водный режим почво-грунтов БССР и их роль в почвообразовании и плодородии почв». У 1944 годзе разам з інстытутам ён вяртаецца ў Мінск. У 1947 годзе П. П. Рагавой абраны членам-карэспандэнтам, у 1953 годзе акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1957—1964 гг. на пасадзе дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута глебазнаўства, у 1964—1973 гг. загадчык кафедрай глебазнаўства Беларускага тэхналагічнага інстытута.
Навуковая дзейнасць
П. П. Рагавой займаўся вывучэннем глеб на тэрыторыі БССР, працэсаў глебаўтварэння і іх уплыву на ўрадлівасць, водных рэжымаў глебагрунтоў. Прапанаваў прынцыпы класіфікацыі глеб дзярнова-падзолістых зон. Адзін са складальнікаў глебавай карты БССР. У час працы ў Свярдлоўску прымаў удзел у экспедыцыях па вывучэнню лясоў Сярэдняга Урала.
Пад кіраўніцтвам П. П. Рагавога абаронены больш за 30 кандыдацкіх дысертацый.
Аўтар больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.
Сярод апублікаванага:
- Глебазнаўства і глебы БССР, 2 выд. — Мн.: Дзяржвыд. Беларусі, 1935.
- Почвы БССР — Мн.: Изд-во АН БССР, 1952.
- Поймы рек Днепра, Сожа и Припяти (в пределах БССР) и их хозяйственное использование — Мн., 1957 (у сааўтарстве).
- Водный режим почво-грунтов на территории Белоруссии — Мн.: Наука и техника, 1972.
- Почвы Белорусской ССР — Мн.: Ураджай, 1974 (у сааўтарстве).
Узнагароды і прэміі
- Ордэн Леніна (1953)
- Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975)
- 2 ордэны «Знак Пашаны» (1949, 1966)
- Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Дзяржаўная прэмія БССР (1976)
- Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР
Памяць
У Мінску на доме № 17 па праспекту Незалежнасці, у якім жыў у 1960—1984 гадах П. П. Рагавой, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Зноскі
Літаратура
- Беларусь: Энцыкл. даведнік / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 612. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- Акадэмік РАГАВОЙ Павел Пракопавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі(руск.)
- Смяян М. І. Акадэмік АН Беларусі Павел Пракопавіч Рагавы (да 100-годдзя з дня нараджэння) // Весці акадэміі аграрных навук Беларусі, № 2, 1995.
- Павел Прокофьевич Роговой(руск.) // Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі
- Роговой, Павел Прокофьевич // Большая биографическая энциклопедия. — 2009.(руск.)