| Intro | расійскі гісторык-славіст |
| A.K.A. | Aleksandr Sergeyevich Mylnikov |
| Was | Scientist |
| From | Russia |
| Type | Science |
| Gender | male |
| Birth | 24 August 1929, Saint Petersburg, Tsardom of Russia |
| Death |
3 February 2003 (aged 73 years) |
| Star sign | Virgo |
Аляксандр Сяргеевіч Мыльнікаў (24 жніўня 1929, Ленінград — 3 лютага 2003) — савецкі і расійскі гісторык-славіст, багеміст і беларусіст. Доктар гістарычных навук (1972), Заслужаны дзеяч навукі Расіі (1999).
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і служачых. У 1937—1947 гадах вучыўся ў школе, у т.л. падчас вайны ў Іашкар-Але (Марыйская АССР). Хацеў стаць гісторыкам, у 1947 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо ў сталінскі час гістарычны факультэт ЛДУ быў «кузняй партыйных кадраў», а прафесура, якая хацела займацца навукай, перайшла ў галіну гісторыі дзяржавы і права.
Навуковым кіраўніком А. Мыльнікава быў прафесар Інакенцій Якаўкін, адзін з найвыдатнейшых знаўцаў Вялікага Княства Літоўскага, складальнік хрэстаматыі «Законодательные акты ВКЛ» (Ленінград, 1936). З парады свайго кіраўніка А. Мыльнікаў вывучаў славянскія мовы і помнікі права, такія як «Статут ВКЛ 1529 году», «Законнік» сербскага цара Стэфана Душана, «Выклад чэшскага земскага права» пана Андржэя з Дубы. З універсітэцкіх гадоў пачалося зацікаўленне А. Мыльнікава Вялікім Княствам Літоўскім.
Па сканчэнні ўніверсітэта на выдатна А. Мыльнікаў быў накіраваны на працу ў Расійскую нацыянальную бібліятэку, дзе за 20 гадоў прайшоў пасады ад бібліятэкара да загадчыка аддзелу рукапісаў. За гэты час з яго ініцыятывы было здзейснена некалькі археаграфічных экспедыцый, арганізаваны штогадовыя навуковыя канферэнцыі «Дэпо манускрыптаў». Паралельна падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую (1958) і доктарскую (1972) дысертацыі па багемістыцы. Тэма доктарскай дысертацыі — «Узнікненне нацыянальна-асветніцкай ідэалогіі ў Чэшскіх землях XVIII стагоддзя». Працуючы ў РНБ, А. Мыльнікаў атрымаў унікальную магчымасць грунтоўнага вывучэння славянскіх, у тым ліку старабеларускіх, кніг і рукапісаў ранняга Новага часу.
У 1973—2003 гадах А. Мыльнікаў працаваў у Інстытуце этнаграфіі і антрапалогіі (Кунсткамера) Савецкай, пазней Расійскай акадэміі навук, у тым ліку ў 1992—1997 гадах — дырэктарам Кунсткамеры.
Дзейнасць
Асноўныя кірункі навуковых інтарэсаў А. Мыльнікава — славістыка, гісторыя і тэорыя культуры, этналогія, кнігазнаўства, беларусістыка. Паступова пашыраў сферу сваіх зацікаўленняў, абапіраючыся на параўнальна-гістарычны, параўнальны і інтэрдысцыплінарны метады. Зыходным для А. Мыльнікава ад самага пачатку было шматаспектнае разуменне аб’екту даследавання, не абмежаванае фармальнымі рамкамі асобных дысцыплін. Апошнія гады А. Мыльнікаў вывучаў пытанне значэння міжэтнічных кантактаў у працэсе развіцця нацый і нацыянальных культур. Прапанаваў тэзу пра «мову культуры» як сукупнасць знакавых сродкаў выражэння этнічнай спецыфікі.
У 1990-я гады А. Мыльнікаў заняўся распрацоўкай новага міждысцыплінарнага кірунку — этнічнай імагалогіі — прысвяціў гэтаму фундаментальны праект, вынікам якога стаў двухтомнік «Карціна славянскага свету». Упершыню для рэканструкцыі заходніх навуковых ведаў пра тагачасны славянскі свет, яго народы, мовы і культуры аўтарам выкарыстаны ўнікальны комплекс малавядомых еўрапейскіх прац XVII—XVIII ст. на лацінскай, нямецкай, французскай, англійскай і шведскай мовах. У абодвух частках кнігі А. Мыльнікаў актыўна карыстаўся беларускай праблематыкай, выказаў шмат думак наконт лакалізацыі назвы Беларусь у Еўропе, сэнсу паняцця «літвінаў» ВКЛ, Літвы як гістарычнай назвы сучаснай Беларусі. Праца актыўна цытуецца беларускімі навукоўцамі. Першы том стаў гістарычным бестселерам у Расіі ў 1996 годзе. Трэці том планаваўся, але не скончаны з-за смерці аўтара.
Агулам А. Мыльнікаў аўтар 12 манаграфій і больш за 500 навуковых прац, пад яго рэдакцыяй выйшла 75 кніг, апаніраваў пры абароне больш за 50 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
Член Навуковага савета па гісторыі сусветнай культуры РАН, акадэмік Акадэміі гуманітарных навук Расіі, член Саюза расійскіх пісьменнікаў.
Сабраў унікальную гістарычную бібліятэку, частку якой падарыў універсітэту Рэспублікі Марый Эл.
Беларусістыка
Як беларусіст А. Мыльнікаў большасць сваіх прац прысвяціў Францыску Скарыну, на асобе якога сышліся яго навуковыя інтарэсы багеміста, кнігазнаўца і культуролага. Пра што сведчаць назвы больш за 20 яго артыкулаў скарынаўскай тэматыкі, у т.л. «Зямля — дзяржава — этнас: Францыск Скарына ў кантэксце этнакультурных уяўленняў ранняга Новага часу»; «Францыск Скарына і чэшскае кнігадрукаванне». Першым са скарыністаў А. Мыльнікаў давёў, што чэшскую Прагу асветнік абраў месцам дзейнасці з-за развітай традыцыі друку і падабенства моў, а таксама абгрунтаваў, што адным з важнейшых фактараў было ўладарства дынастыі Ягелонаў адначасова ў Празе, Вільні і Кракаве. У працы «Эфект Скарыны, або Спецыфіка міжэтнічных кантактаў у шматэтнічным асяроддзі» навуковец растлумачыў, чаму Ф. Скарына карыстаўся рознай этнічнай самаідэнтыфікацыяй («русін», «літвін», «паляк»).
А. Мыльнікаў чытаў беларускую навуковую літаратуру і добра ведаў беларускія крыніцы. Ва ўласнай бібліятэцы меў добры збор беларускіх кніг. Любіў бываць у Беларусі, браў удзел у беларускіх навуковых канферэнцыях.
Ад заснавання Пецярбурскай асацыяцыі беларусістаў (1991) А. Мыльнікаў стаў яе старшынём і нязменна быў на гэтай пасадзе. Большасць штогадовых канферэнцый «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» прайшлі пад яго кіраўніцтвам, іх навуковы ўзровень шмат у чым вызначала атмасфера праніклівых дыскусій і абмеркаванняў, арганізаваных А. Мыльнікавым. Разам з дырэктарам Расійскай нацыянальнай бібліятэкі Уладзімірам Зайцавым, увайшоў у склад рэдкалегіі першага з 1917 года пецярбурскага выдання па беларусістыцы на беларускай і рускай мовах «Беларускі зборнік». На старонках гэтага выдання публікаваў і свае даследаванні.
Важная роля А. Мыльнікава як кіраўніка і дабрадзея маладых беларускіх даследчыкаў і студэнтаў у Санкт-Пецярбургу 1990-х гадоў.
Зноскі
Літаратура
- Катлярчук А., Нікалаеў М. Памяці Аляксандра Мыльнікава // ARCHE. — 2003. — № 2 (25). — С. 197—198.